ПЫЛАВА́Я БУ́РА,

перанос вялікай колькасці часцінак глебы або пяску моцным ветрам у пустынях, паўпустынях і разараных стэпах. Найб. моцныя буры пераносяць мільёны тон пылу на сотні (зрэдку тысячы) кіламетраў, рэзка пагаршаюць бачнасць, за што іх называюць чорнымі бурамі. Часцей адзначаюцца летам, у час сухавеяў, але магчымы і ў бясснежныя зімы. Моцныя П.б. ўзнікаюць пры нерацыянальным выкарыстанні зямлі, наносяць вял. страты сельскай гаспадарцы, засыпаюць пасевы, знішчаюць паверхневы слой глебы. Барацьба з П.б. праводзіцца з дапамогай полеахоўных лясных палос, снега- і водазатрымання, безадвальнага ворыва і інш. агратэхн. мерапрыемстваў. На Беларусі з’явы, падобныя на П.б., адбываюцца часам на асушаных тарфяніках.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)